У Музеі беларускага кнігадрукавання працуе выстава «Служэнне роднаму слову»

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У Музеі беларускага кнігадрукавання Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка да гэтай даты штогод ладзіцца кніжная выстава.

Сёлетняя выстава пад назвай «Служэнне роднаму слову» прысвечана беларускім пісьменнікам, паэтам і навукоўцам, чые юбілеі адзначаюцца ў 2018 годзе.

— Выстава ў нас мае некалькі блокаў, раскрывае некалькі тэм. Першая з іх — «Таямніцы полацкай гісторыі», дзе мы паказваем выданні, якія звязаныя з Полацкам, альбо выданні полацкіх аўтараў, — распавяла вядучы навуковы супрацоўнік Музея беларускага кнігадрукавання Вольга Філімонава.

Сёлета свой 65-гадовы юбілей святкуе пісьменнік, паэт і гісторык Уладзімір Арлоў, а 70-годдзе адзначае журналіст і паэт Навум Гальпяровіч. Дарэчы, сёлета ў Музеі кнігадрукавання яны прэзентавалі свае новыя выданні, якія поруч з ранейшымі кнігамі прадстаўлены на выставе. Юбілей ў гэтым годзе святкуе таксама пісьменніца Ірына Жарнасек. Гістарычная літаратура прадстаўлена на выставе імёнамі Аляксандра Краўцэвіча і Анатоля Бутэвіча.

— Таксама мы асобна выдзелілі блок лірыкі, дзе прадставілі Канстанцыю Буйла, Уладзіміра Карызну. Асобны блок прысвечаны дзіцячай літаратуры, у прыватнасці вялізны юбілей адзначае Янка Маўр. Пэўна, усе беларусы калісьці пачыналі сваё знаёмства з прыгодніцкай беларускай літаратурай менавіта з «Палескіх рабінзонаў», — перакананая Вольга Філімонава.

Не абышлі ўвагай і беларускіх пісьменнікаў, рэпрэсаваных у 30-я гады мінулага стагоддзя. У гэтым годзе адзначаюцца юбілеі Максіма Гарэцкага, Андрэя Мрыя, Сяргей Грахоўскага, Станіслава Шушкевіча і іншых аўтараў.

— Усёй гэтай выставай мы хацелі звярнуць увагу нашых наведвальнікаў на тое, што беларуская літаратура — яна вельмі разнастайная, вельмі багатая. Суадносна, мы хацелі нагадаць яшчэ раз пра тое, што кожны ў ёй можа знайсці сабе і твор па сэрцы, і якогасьці аўтара сабе па сэрцы, — распавяла Вольга Філімонава.

У экспазіцыі — каля 50 выданняў розных гадоў, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Выстава «Служэнне роднаму слову» будзе працаваць у Музеі беларускага кнігадрукавання да 11 сакавіка.

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Аляксандра МАЦЮШЭНКІ.