«Зімовае сонейка». У Полацку распачалася выстава мастачкі Эльгі Паповай – Саммит+ТВ | Новости Полоцка и Новополоцка

«Зімовае сонейка». У Полацку распачалася выстава мастачкі Эльгі Паповай

У Полацкай дзіцячай бібліятэцы імя Льва Талстога адкрылася выстава беларускай мастачкі Эльгі Паповай. На выставе прадстаўлена больш за 20 работ мастачкі, выкананых у тэхніцы алейнага жывапісу.

Ледзь пераступіўшы ганак бібліятэкі, трапляеш у фантастычную атмасферу, у чароўны свет дзяцінства.

— Я люблю казкі. Заўсёды, з самага дзяцінства любіла казкі і чытаць, і пісаць, і маляваць, — прызналася Эльга Папова.Асноўная думка маёй творчасці, асноўная мэта — хочацца, каб людзі, якія паглядзелі на мае карціны, пачыталі мае казкі, дарослыя людзі ўзгадалі пра дзяцінства, пра свайго ўнутранага дзіцёнка.

Асноўны пасыл мастачкі — прыўнесці чараўніцтва ў жыццё людзей праз казкі і карціны. Аўтару выставы хочацца нагадаць людзям пра блізкасць цудаў, вярнуць дарослым дзіцячы погляд на свет. Дзеці слухалі мастачку вельмі ўважліва. Бо сустрэча з казкай заўсёды выклікае ў іх сэрцах вялікую цікавасць.

Творчасць мастачкі не абмяжоўваецца толькі карцінамі. Эльга Папова піша вершы, ілюструе кнігі. Яе працы можна знайсці ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Эльга Папова супрацоўнічае з рознымі выдавецтвамі, якія выкарыстоўваюць яе рэпрадукцыі. У арсенале мастачкі каля 70 карцін. На выставе «Зімовае сонейка», якая будзе працаваць да 1 снежня, прадстаўлены лепшыя яе працы.

Любоў САЎКО.