У Полацку абмеркавалі гарадскія актыўнасці рэгіёна – Саммит+ТВ | Новости Полоцка и Новополоцка

У Полацку абмеркавалі гарадскія актыўнасці рэгіёна

Гарадскія актыўнасці Полацка і Наваполацка абмеркавалі 27 сакавіка. Імпрэза прайшла ў кавярні «Раздол» у фармаце ток-шоў і стала першым з запланаваных мерапрыемстваў, закліканых развіваць і падтрымліваць маладых людзей, якія імкнуцца зрабіць нашы гарады лепш.

— Мы паспрабуем вызначыць, што ёсць, што з гэтым рабіць, якім чынам далей развівацца Полацку і Наваполацку ў плане гарадскога актывізму, — распавёў каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» па Віцебскім рэгіёне Уладзімір Булаўскі.

Гарадскі актывізм — паняцце адносна новае. Яно аб’ядноўвае ініцыятывы па развіцці гарадскога асяроддзя. Гэта можа быць экалогія, мабільнасць, культура і многія іншыя плыні. Імпрэза прайшла ў Полацку невыпадкова: летась самы старажытны беларускі горад быў названы Моладзевай сталіцай Беларусі, а сёлета Наваполацк мае статус Культурнай сталіцы.

— Увогуле, серыя ток-шоў пад рознымі назвамі праводзіцца кампаніяй «Будзьма беларусамі!» і «Sympa’й» па ўсёй Беларусі ўжо шосты год. Галоўная мэта — гэта стварэнне камунікатыўных пляцовак у розных гарадах для таго, каб актывісты, бізнес, гарадскія ўлады — яны маглі паміж сабой камунікаваць для таго, каб знаходзіць кропкі прыцягнення і планаваць нейкія супольныя падзеі, супольныя ініцыятывы, накіраваныя на развіццё горада, развіццё рэгіёна, — адзначыў Уладзімір Булаўскі.

Фармат ток-шоў прадугледжвае наяўнасць спікераў. Арганізатары адзначылі, што запрасілі выступіць менавіта тых людзей, якія развіваюць гарадскія актыўнасці на Полаччыне. Гэта супрацоўніца Полацкага дзяржуніверсітэта, адна з каардынатараў Цэнтра ўрбаністыкі і дызайну Таццяна Цярэшчанка, а таксама музыка і краязнаўца Стась Сілка. Запрошаным госцем стала дырэктар сацыяльна-культурнай установы «Віцебск для мяне» Вольга Бізікава, якая распавяла пра гарадскія актыўнасці, што ажыццяўляюцца ў абласным цэнтры. Напрыканцы сустрэчы быў абвешчаны абласны «Кірмаш праектаў» — конкурс ідэй па развіцці гарадскога руху, якія можна рэалізаваць супольнымі намаганнямі актывістаў, грамадскіх аб’яднанняў, мясцовых уладаў і іншых зацікаўленых асоб.

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Сяргея ЗАЛЫНСКАГА.