У Музеі ткацтва Паазер’я гукалі вясну

Надвор’е апошнія месяцы прымушае з кожным днём усё болей і болей здзіўляцца. То ў студзені ані сняжынкі, то пад красавік усё замятае… Відаць, не паклікалі вясну як след. Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я і фальклорны гурт «Варган» вырашылі выправіць сітуацыю. 24 сакавіка ў Музеі адбылося свята «Гуканне вясны».

— Як традыцыйна гэта праходзіла? Па-першае, дзяўчаты з вёскі шукалі самае высокае месца, нейкую гарышчу. Або — у нас так як шмат азёр, таксама маглі каля возера. Што дзяўчаты рабілі? Яны выходзілі на гэтае месца ўсе разам — абавязкова маладыя дзяўчаты, незамужнія. І яны спявалі песні-вяснянкі. Напрыклад, такія маглі быць словы: «Вясна-красна, што ты нам прынесла?». І там ужо пералічвалася, што вясна прынесла: маладой дзеўцы — вяночак, маладзіцы — сыночка… — распавяла вядучы навуковы супрацоўнік Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я Наталля Шыпіла.

Падчас імпрэзы прайшоў майстар-клас — госці свята рабілі папяровых птушачак, якімі ўпрыгожылі панадворак музея. А пасля з дапамогай фальклорнага гурта «Варган» заспявалі загукальныя песні-вяснянкі, каб вясна нарэшце прыйшла, вадзілі карагоды, гулялі ў веснавыя гульні.

— Напрыканцы кожнай песні абавязкова быў такі заклік, такі гук: «У-у-у!». То бок яны павінны былі пазваць вясну. І навошта яшчэ такі быў заклік: гуканне вясны, нават у самім слове — трэба ж вясну загукаць, каб яна пачула. Таму такія яны даволі звонкія, вельмі высока спяваліся. І яшчэ гэты гук яны параўноўвалі са спевамі птушак, каб птушкі таксама пачулі і хутчэй ўжо прынеслі на сваіх крылах вясну, — распавяла Наталля Шыпіла.

«Гуканне вясны» ладзяць у музеі ўжо шмат год, свята стала добрай традыцыяй для ўсіх, хто цікавіцца беларускай нацыянальнай традыцыяй і культурай. Фальклорны гурт «Варган» — неад’емная частка святкавання: у нашых продкаў аніводная жыццёвая падзея не праходзіла без песні, а полацкія музыкі імкнуцца максімальна дакладна перадаць тагачасную атмасферу. Гэтым разам у іх выкананні гучалі песні з Паазер’я, Пасожжа і іншых рэгіёнаў нашай краіны, каб паказаць разнастайнасць абраду гукання вясны.

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Аляксандра МАЦЮШЭНКІ.