Тэатр «Капялюш» паказаў «Свет у базарны дзень»
Уявіць Полацк у базарны дзень змаглі госці Наваполацкага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры. Батлейку «Свет у базарны дзень» паказаў тут 14 студзеня лялечны тэатр «Капялюш» супольна з супрацоўнікамі Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я.
— Пачалася гэтая супраца з маёй дапамогі зрабіць батлейку. Пасля я рабіў для іх батлеечных лялек для «Цара Ірада». Пасля ўжо вырашылі зрабіць самі, — распавёў кіраўнік лялечнага тэатра «КапялюШ» Наваполацкага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Андрэй Рэцікаў.
Тэатр «КапялюШ» працуе ў Наваполацкім цэнтры рамёстваў ужо болей за 20 гадоў. Пачыналася ўсё з каляднага спектакля, а пасля, як кажуць, закруцілася. Амаль кожны год ствараюць новую батлейку. Летась тэатр «Капялюш» распачаў супрацу з полацкім Музеем ткацтва. Супольны спектакль «Свет у базарны дзень» упершыню паказалі на IV абласным свяце-конкурсе «Лялечны свет», які праводзіцца раз на два гады. У намінацыі «Традыцыйны беларускі лялечны тэатр «Батлейка» спектакль заняў першае месца. Андрэй Рэцікаў распавёў:
— Мы там ужо чацвёрты ці пяты раз. Увесь час, скажам так, трымаем сябе ў першых шэрагах. Гэты год не быў нейкім адметным — таксама паехалі, паказалі, і ўсё сталася так, як і чакалі.
Спектакль «Свет у базарны дзень» пабудаваны на аснове традыцыйных побытавых сцэн. Сюжэт заснаваны на мясцовым матэрыяле: адзін дзень з жыцця полацкага базару. Сцэнарый стаўся вынікам супольнай працы кіраўніка тэатра «КапялюШ» Андрэя Рэцікава і маладых палачан Стася Сілкі і Наталлі Шыпілы. Імпрэза ў Наваполацкім цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры выклікала сапраўдны аншлаг. Існуюць планы і на далейшую супрацу.
Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Сяргея ЗАЛЫНСКАГА.