У Музеі ткацтва адсвяткавалі Каляды

Ехала Каляда з Полацка… У Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я адсвяткавалі Каляды. Імпрэза адбылася 6 снежня.

— Па-першае, гэта невялічкая такая сцэнка, якая можа паказаць некаторыя традыцыі, менавіта ўяўленне пра гэта свята ў кантэксце дома, у кантэксце сям’і. Таксама такая значная самая, напэўна, падзея ў нашым сённяшнім мерапрыемстве — гэта віншаванне калядоўшчыкаў, — распавёў старшы навуковы супрацоўнік Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я Стась Сілка.

Калядоўшчыкі — групы моладзі, якія апраналіся ў жывёл і чароўных істот, хадзілі па вёсцы ў калядную ноч. Яны спыняліся ля кожнага двара, і гаспадары запрашалі іх да сябе ў хату, інакш, верылі сяляне, на будучы год шчасця і дабрабыту не будзе. Калядоўшчыкі спявалі, танцавалі, гралі на дудзе і бубне, ладзілі імправізаваныя сцэны.

— Не з мэтай нажыцца, скажам так, як некаторыя думаюць, што панабраць, а з мэтай менавіта павіншаваць людзей, абвесціць пра тое, што надыходзіць Новы год, зрабіць так, каб людзі наступны год  пражылі шчасліва, — патлумачыў Стась Сілка.

На імпрэзе ў ролі калядоўшчыкаў выступілі супрацоўнікі Музея ткацтва, а таксама ўдзельнікі фальклорнага гурта «Варган» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гэтым тандэме каляндарныя абрады, такія як Гуканне вясны, Багач, валачобніцтва, у музеі адраджаюць не першы год. Гасцей каляднага свята радавалі Каза — сімвал дабрабыту і ўрадлівасці, смерці і адраджэння прыроды, Мядзведзь, Дзед і многія іншыя традыцыйныя персанажы. Гучалі і калядныя спевы.

— Ёсць шэраг песень палескіх, ёсць песні сярэднебеларускія. Ёсць песні полацкія, што вельмі радуе: да некаторага часу менавіта полацкіх песень у такім калядным рэпертуары, у прынцыпу, было малавата, — распавёў Стась Сілка.

А завяршылася свята лялечным спектаклем — батлейкай, якую падрыхтавалі супрацоўнікі Музея ткацтва. Госці імпрэзы ўбачылі пастаноўку «Цар Ірад».

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Сяргея ЗАЛЫНСКАГА.