Фальклорны гурт «Варган» рыхтуе альбом «Музыка беларускай Поўначы»
Полацкі фальклорны гурт «Варган» абвясціў пра пачатак працы над незвычайным праектам. Зборнік «Музыка беларускай Поўначы», запіс якога ідзе поўным ходам, мае выйсці ў першай палове 2018 года.
— Мы рыхтуем альбом, які пакажа ўсё багацце традыцыйнай музычнай культуры Полаччыны, — распавяла кіраўнік фальклорнага гурта «Варган» Вольга Емяльянчык. — Гэта ўнікальны край, фактычна эпіцэнтр некалі панаваўшай дударскай традыцыі. На нашым дыску будуць прадстаўлены кампазіцыі, выкананыя акапэльна, прагучаць там і песні як абрадавыя, так і пазаабрадавыя. Прагучаць і традыцыйныя архаічныя інструменты, такія як дуда, цымбалы, колавая ліра.
Фальклорны гурт «Варган» паўстаў 8 год таму. Назву калектыў атрымаў невыпадкова: археолагі неаднаразова знаходзілі варганы на тэрыторыі Полацка. Прагучыць, дарэчы, гэты музычны інструмент і на новым альбоме. Першапачаткова калектыў складаўся са студэнтаў-гісторыкаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, аднак з цягам часу да гурта далучыліся і іншыя людзі, якія цікавіліся беларускай традыцыйнай культурай.
— Акрамя цікавых гарадоў і мястэчак Беларусі, мы выступалі і за межамі нашай краіны: Расія, Літва, Латвія… Праз нашы выступы гледачы знаёміліся з беларускай традыцыйнай культурай, тым каларытам, той асаблівасцю, якая сёння адраджаецца, — распавяла удзельніца фальклорнага гурта «Варган» Алена Ізергіна. — Вельмі прыемна, што сёння традыцыйная культура мае малады твар.
Матэрыялы для запісу альбому збіраліся ў экспедыцыях, у якіх прымалі ўдзел у тым ліку ўдзельнікі «Варгана». Шэраг песень запісаны ўдзельніцай гурта Ганны Лутавай ад сваёй бабулі, якая жыве ў вёсцы Шастова Полацкага раёна. Ёсць песні, якія паходзяць і з суседніх раёнаў — Глыбоччыны, Ушаччыны і іншых рэгіёнаў беларускай Поўначы. Працэс запісу плыты адбываецца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. У запісе гурту «Варган» дапамагае вядомы этнограф і музыка Алесь Лось — пэўныя партыі ў яго выкананні прагучаць на альбоме. Выступае спадар Алесь і ў якасці саўндпрадусара альбома:
— Я займаюся ўжо больш за 30 гадоў этнаграфіяй, музыкай. Мы тут знайшлі агульную тэму, і нам вельмі цікава працаваць разам. Я дапамагаю і правакую, з другога боку, на тое, каб гэтыя цікавыя маладыя людзі, дзяўчаты і хлопцы, зразумелі, на якой зямлі знаходзяцца, і які багаты пласт культуры тут, побач з намі — на Полаччыне.
У альбом «Музыка беларускай Поўначы» ўвойдзе болей за 30 кампазіцый у выкананні гурта «Варган». Ён стане другім у серыі «Традыцыя». Мэта стваральнікаў плыты — максімальна дакладна перадаць аўтэнтычную манеру выканання традыцыйнай музыкі, яе энергетыку і каларыт. «Варган» звяртаецца да людзей, неабыякавых да традыцыйнай культуры, з прапановай падтрымаць праект праз краўдфандынгавую платформу «Талака».
Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Аляксандра МАЦЮШЭНКІ.