У Сафійскім саборы ўпершыню прагучала кантата «Stabat Mater» Пергалезі

Першыя акорды XXII Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі «Званы Сафіі» прагучалі ў Сафійскім саборы ў мінулую нядзелю, 29 кастрычніка.

У выкананні салісткі канцэртнай залы сабора Ксеніі Пагарэлай, а таксама камернага аркестра «Еўропа-Цэнтр» пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава і салістак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Рэспублікі Беларусь Таццяны Гаўрылавай і Наталлі Акінінай прагучала кантата Джавані Баціста Пергалезі «Stabat Mater».

Кантата аднаго з самых вядомых італьянскіх кампазітараў, які пражыў усяго 26 год, цалкам выконвалася ў Сафійскім саборы ўпершыню. «Вельмі прыемна выступаць на адкрыцці фестывалю — гэта знак якасці», — упэўнена салістка Вялікага тэатра Таццяна Гаўрылава:

— Гэта вельмі кранальна, калі ты спяваеш у такіх умовах, дзе ўсё намоленае, дзе ўсё поўніцца нейкай такой святасцю… Гэта цяжка перадаць словамі!

Наталлі Акінінай даводзілася выступаць у Сафійскім саборы і раней. Гэта адна з самых любімых яе канцэртных залаў. «Вельмі музычная атмасфера», — адзначае салістка Вялікага тэатра.

— Всегда очень хорошо здесь петь. Ты сразу наполняешься какими-то возвышенными чувствами, особенно когда исполняешь такую красивую музыку. Ты слышишь, как твой голос здесь изменяется и к тебе возвращается, голос твоего партнёра, звучание инструментов… Это прекрасный зал, и я счастлива, что после долгого перерыва опять здесь пою, — прызналася Наталля Акініна.

Выступаць з камерным аркестрам у Сафійскім саборы — гэта шчасце, заяўляе дырыжор камернага аркестра «Еўропа-Цэнтр» Раіль Садыкаў. Па яго словах, такое задавальненне рэдка калі можна адчуць. Асабліва калі выконваеш такі твор, як «Stabat Mater» Пергалезі.

— Это невероятная, совершенно гениальная музыка, которая уже третье столетие звучит во всём мире. И мы просто счастливы, что у нас получилось собраться всем вместе и сотворить это в Софийском соборе в городе Полоцке, — падзяліўся Раіль Самігулавіч.

Канцэрту папярэднічалі ўсяго паўтары гадзіны рэпетыцый у поўным складзе, прызналася салістка канцэртнай залы Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая. Фестывальныя імпрэзы для знакамітай полацкай арганісткі — заўсёды вельмі хвалюючая дзея. Бо шараговыя праграмы зАгадзя рыхтуюцца і выконваюцца неаднаразова, а канцэрт у межах «Званоў Сафіі» з адпаведным рэпертуарам — усяго адзін.

— «Stabat Mater» Перголези — это мощное сочинение, которое входит в список 20 известнейших, популярнейших сочинений. Это такая ответственность, потому что любители музыки знают каждую ноту. Состав собирается специальный, как правило. Это дополнительное волнение и дополнительная радость, и счастье, когда всё свершилось, все довольны, — лічыць Ксенія Максімаўна.

Пад крылом фестывалю — яшчэ пяць канцэртаў. Бліжэйшы адбудзецца ў суботу, 4 лістапада. У Сафійскім саборы выступіць нямецкі арганіст Мікалай Гершак. А 5 лістапада на полацкім аргане зайграе польскі музыка Юзэф Катовіч.

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Сяргея ЗАЛЫНСКАГА.