У Краязнаўчым музеі Полацка прапануюць абмеркаваць Леніна і савецкія часы – Саммит+ТВ | Новости Полоцка и Новополоцка

У Краязнаўчым музеі Полацка прапануюць абмеркаваць Леніна і савецкія часы

Сёлета адзначаецца 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта цудоўная нагода ўзгадаць пра асобу Уладзіміра Ільіча Леніна, якая сёння выклікае вельмі шмат спрэчак і дыскусій.

Адны называюць падзеі 1917 года найвялікшай памылкай, іншыя прыгадваюць савецкія часы з настальгіяй. Так ці іначай, Кастрычніцкая рэвалюцыя — гістарычны факт, і да яе 100-годдзя Краязнаўчы музей Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка падрыхтаваў адмысловую выставу.

— Мы перш-наперш праглядзелі тое, што захоўваецца ў нас, у нашым музейным зборы. Матэрыялы, звязаныя з савецкай гісторыяй, з асобай Уладзіміра Ільіча Леніна, даволі актыўна збіраліся ў савецкі час, шмат чаго было знойдзена, назапашана… Гэта ўсё, як кажуць, клалася ў дальнюю шуфляду, і сёння настаў момант, калі ўсё гэта можна паказаць, — адзначае Ірына ВОДНЕВА, загадчыца Краязнаўчага музея Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Што такое Савецкі Саюз? Якім быў той час, калі Саветы атрымалі ўладу? Як ставіліся да падзей сведкі таго часу і сам Ленін? Усё гэта праз прызму Полацка прапануюць абмеркаваць у Краязнаўчым музеі.

— Як палачане ставіліся да гэтага? Як яны самі прымалі непасрэдны ўдзел у першых рэвалюцыйных сходках? Як ездзілі на сустрэчы, на з’езды першыя бальшавікоў?.. Тут і ўспаміны, і цікавыя фотаздымкі, тут і калекцыя даволі цікавых значкоў, манет… — распавядае Ірына Воднева.

Успомніць на выставе вырашылі і людзей, якія былі ўзнагароджаныя Ордэнам Леніна. Такіх палачан — каля шасцідзесяці чалавек. Пра іх мала хто ўзгадвае сёння, аднак, перакананая Ірына Воднева, гэтыя людзі зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё Полацка ў мінулым стагоддзі. Знайшліся ў фондах музея і рэдкія мастацкія творы, прысвечаныя савецкаму часу, цікавыя фотаздымкі, дакументы і шмат іншых рэчаў — сведкаў Савецкага Саюза. Выстава мусіць стаць цікавай для самага шырокага кола наведвальнікаў — як людзям, якія жылі за савецкім часам, так і тым, хто нарадзіўся ўжо ў незалежнай Беларусі.

— Сёння да нас выпадкова завітала жанчына сёння, а я бачу — у яе на вачах слёзы. Такое настальжы сапраўднае па гэтым часе. Але мы чакаем і моладзь, якая будзе свае меркаванні, сучасныя, выказваць: а можа, гэта ўсё было непатрэбна? Чаму мы да ўлады прывялі Саветы? Можа, было б лепей, каб засталася царская ўлада?.. Так ці не — я хачу, каб мы вось тут пра гэта ўспаміналі і гаварылі, — дзеліцца Ірына Воднева сваімі чаканнямі.

У аснову экспазіцыі пакладзена болей за 500 экспанатаў. Амаль усе — арыгіналы, копій амаль няма. Значная частка прадметаў экспануецца ўпершыню, і хто ведае, ці з’явіцца нагода паказаць іх зноў.  Адкрыццё выставы запланавана на 25 кастрычніка, дзейнічаць экспазіцыя будзе да 31 студзеня 2018 года.

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Сяргея ЗАЛЫНСКАГА.