Настаўнік года-2017 — выкладчыца беларускай мовы з Баравухі Святлана Румянцава

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы №15 Наваполацка Святлана Румянцава прызнаная лепшым педагогам Беларусі. Радасная навіна з’явілася напрыканцы мінулага тыдня, а днямі наша здымачная група завітала на ўрок да Настаўніка года-2017.

— У педагагічную прафесію прыйшла невыпадкова, — распавяла Святлана Леанідаўна. — Настаўніцтва, увайшло ў маё жыццё яшчэ ў маленстве. Мая мама — настаўнік матэматыкі. І раней, калі па суботах былі заняткі, я прысутнічала ў матулі на ўроках і быццам бы ўяўляла сябе ў ролі настаўніцы. Матуля запаліла такую любоў да прафесіі і мне, і маім сёстрам.

Старэйшая сястра — хімік-біёлаг, малодшая — географ. Сама спадарыня Святлана абрала беларускую філалогію. «Вельмі люблю чытаць», — прызнаецца яна. Дарэчы, родам лепшая настаўніца з Расоншчыны. Любоў да беларускай мовы пачалася яшчэ ад школьных часоў.

— Мая настаўніца беларускай мовы, Антаніна Міхайлаўна Данчанка, змагла паказаць смак беларускага слова, яго мілагучнасць, яго пяшчотнасць. І таму, напэўна, гэта быў таксама такі асэнсаваны выбар прафесіі.

Выкладае Святлана Румянцава ўжо 24 гады. Яна скончыла Віцебскі педінстытут, крыху папрацавала ў Наваполацку, а пасля перабралася ў Баравуху. Тут якраз адчыніўся новы будынак мясцовай школы. «Я іду на працу з радасцю», — кажа спадарыня Святлана. Яна вельмі любіць дзяцей. Запаліць агеньчык дабрыні, выхаваць адказнасць за свае ўчынкі, прывіць любоў да беларускай мовы і павагу да Беларусі — у гэтым галоўная настаўніцкая задача Святланы Румянцавай. Пад яе крылом — усе класы з 5 па 11, акрамя паралелі 9-х класаў.

— Усіх люблю! — кажа Святлана Румянцава. — Для мяне няма лягчэйшых, як, напрыклад, старшакласнікі. Люблю і сваіх няўрымслівых маленькіх пяцікласнікаў. Розныя класы, розныя ўзросты, і ты сам мяняешся, калі прыходзіш на той ці іншы ўрок у той ці іншы клас. І з вучнямі сваімі, напэўна, ніколі не можаш спыніцца сам, таму што ўпэўнены ў тым, што трэба вучыцца табе як настаўніку, каб быць цікавым для дзяцей рознага ўзросту.

Упершыню Святлана Румянцава прыняла ўдзел у конкурсе «Настаўнік года» ў 2009 годзе, тады стала лаўрэатам гарадскога этапу. Далей былі гады працы, сталення, назапашвання вопыту — і ў сёлетнім конкурсе настаўніцы з Баравухі скарыліся спачатку рэгіянальны, абласны этап, паўфінал…

— Нас сабралі ў Мінску і казалі: вось 56 прадстаўнікоў — лепшых настаўнікаў нашай рэспублікі, — узгадвае спадарыня Святлана. — З усіх абласцей плюс горад Мінск — па 8 прадстаўнікоў. Самыя розныя намінацыі: і руская мова, беларуская мова і літаратура, і матэматыка, фізіка, і пачатковыя класы… Канешне, я нават прадставіць не магла, што ў ліку лепшых буду я. Калі нам сказалі: сярод вас ёсць пераможца — я акінула позіркам усіх прысутных, і мне цікава было самой: ці ўгадаю пераможцу?

Настаўніца беларускай мовы з Полацкай зямлі стала лепшай у сваёй намінацыі ў рэспубліканскім фінале і апынулася сярод васьмі суперфіналістаў. «Звышзадачы стаць лепшай перад сабой не ставіла», — прызнаецца спадарыня Святлана. Ёй проста хацелася годна прадставіць Полаччыну. Спаборніцтвы за выхад у суперфінал падаліся настаўніцы даволі няпростымі. Два адкрытыя ўрокі, майстар-клас для студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, псіхолага-педагагічнае тэставанне… А ў суперфінале Святлана Румянцава выступала ў сваё задавальненне. Першы конкурс — прэс-канферэнцыя: удзельнікі выцягвалі прафесійныя пытанні, на якія трэба было адказаць пасля 20-секунднай падрыхтоўкі. Другім конкурсам стаў міні-ўрок.

— У якасці вучняў у нас на ўроку прысутнічалі фіналісты конкурсу. Гэта былі проста супервучні! Яны стараліся кожнаму з нас, суперфіналістаў, дапамагчы. Яны настолькі імкнуліся да гэтага шчыра, што ўрок атрымаўся ў мяне вельмі добры, як і ва ўсіх астатніх канкурсантаў. Тэма была агульная — «Каб знайсці сваё месца ў жыцці», — распавядае Святлана Румянцава.

Трэцяе выпрабаванне — публічнае выступленне па тэме «Настаўнік: учора, сёння заўтра» — не выклікала ў спадарыні Святланы шмат цяжкасцей: прамаўляць перад аўдыторыяй яна любіць і ўмее. Зрэшты, на выдатна справілася настаўніца з усімі заданнямі, і як вынік — абсалютная перамога.

— Канешне, самыя розныя эмоцыі былі. Першая эмоцыя — нерэальнасць таго, што адбываецца. Такія моманты, напэўна, можна назваць самымі шчаслівымі момантамі ў жыцці. Гэта і бязмернае хваляванне, і шчасце, і, канешне ж, як я потым прамаўляла перад прысутнымі, гэта перш за ўсё адказнасць. Таму што ты зараз адказны не толькі за сябе і сваю працу. Ты адказны перад калегамі, перад вучнямі, перад іх бацькамі, каб пачэсна несці вось гэтае званне — званне лепшага настаўніка Беларусі.

Вельмі важнай часткай перамогі Святлана Румянцава лічыць падтрымку сваёй каманды. Гэта і адміністрацыя Наваполацка, і яе калегі з устаноў адукацыі Полаччыны і, канешне, калектыў 15-й школы. Варта адзначыць, што ўстанова адукацыі мае багатую, амаль 80-гадовую гісторыю. У 19 класах тут вучыцца 430 школьнікаў. Тры гады таму ў школе з’явіліся педагагічныя класы.

«В 2017 году первый педагогический класс, это наш первый выпускной класс, и нам очень приятно, что 24% выпускников избрали педагогическую профессию. Гордимся мы тем, что к нам в школу возвращаются наши выпускники в качестве педагогов. Сегодня в школе работает 7 учителей — выпускники нашего учреждения образования, — распавяла Ірына Васіленка, дырэктар Баравухскай сярэдняй школы №15 г.Наваполацка.

Гэта сведчыць пра тое, што ў школе ўмеюць зацікавіць прафесіяй педагога. Дарэчы, сёння 15-я школа — не толькі ўстанова адукацыі, але культурны і спартыўны цэнтр пасёлка Баравуха. Тут дзейнічаюць дзве спартыўныя залы, таксама ёсць басейн, якім могуць скарыстацца ўсе ахвотныя.

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Сяргея ЗАЛЫНСКАГА.