У Полацку адзначылі 125-годдзе паэткі Канстанцыі Буйло

Нарадзілася ў Вільні, пражыла 93 гады, памерла ў Маскве, пакінуўшы багатую паэтычную спадчыну. Праз усё жыццё Канстанцыя Буйло пранесла беларускасць у сваім сэрцы. З нагоды 125-годдзя з дня нараджэння знакамітай беларускай паэткі ў Полацку прайшла творчая імпрэза.

Сустрэчу зладзіла Народнае літаратурнае аб’яднанне «Наддзвінне». Пачало ж імпрэзу выступленне ансамбля «Полацкія россыпы» з песняй на верш Канстанцыі Буйло.

Імпрэза прайшла ў полацкай кнігарні «Светач». І гэта невыпадкова: у 1915-1916 гадах Канстанцыя Буйло працавала загадчыцай першай беларускай кнігарні ў Полацку. Тут жа яна пазнаёмілася і з легендарным Янкам Купалам. Самы старажытны беларускі горад пакінуў адбітак і на асабістым жыцці паэткі.

— У Полацку адбылася шчаслівая падзея ў жыцці Канстанцыі Буйло. Бо яна тут сустрэла сваё першае каханне — яна выйшла замуж за Віталя Калечыца, — распавяла кіраўнік Народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне» Валянціна Сопікава.

На імпрэзе гучалі вершы Канстанцыі Буйло і ўласныя творы ў выкананні сяброў літаб’яднання «Наддзвінне» Ірыны Еўдакімовіч, Галіны Загурскай і Уладзіміра Куца. Старэйшы дзейны літаратурны саюз Полаччыны рэгулярна ладзіць творчыя імпрэзы — прэзентацыі кніг «наддзвінцаў», вечарыны памяці вядомых беларускіх паэтаў, найперш звязаных з Полаччынай, а таксама творчыя сустрэчы з сучаснымі літаратарамі. Да прыкладу, 6 лютага ў Музеі беларускага кнігадрукавання адбудзецца сустрэча з Навумам Гальпяровічам.

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Аляксандра МАЦЮШЭНКІ.