У дзіцячай паліклініцы Наваполацка дзеткам прапануюць чытаць па-беларуску

У Наваполацку стартаваў новы сезон праекта «Чытай са мной па-беларуску». 11 студзеня прайшла першая імпрэза ў 2018 годзе, якая дала старт эстафеце «бібліятэчных» мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі «Наваполацк — культурная сталіца Рэспублікі Беларусь».
— Сёння мы завіталі ў дзіцячую паліклініку ў чарговы раз. Гэты праект — «Чытай са мной па-беларуску» — працуе ўжо другі год. Два разы на месяц мы наведваемся да маленькіх пацыентаў, якія чакаюць сваёй чаргі на прыём да ўрача, — распавяла загадчыца Дзіцячай бібліятэкі імя А.С.Пушкіна г.Наваполацка Таццяна Варанец.
Распавесці пра бібліятэку, паведаміць пра навінкі беларускай літаратуры, пазнаёміць з беларускімі аўтарамі і папоўніць слоўнікавы запас маленькіх навапалачан — з гэтымі задачамі наваполацкія бібліятэкары прыходзяць у дзіцячую паліклініку. Атракцыі для юных наведвальнікаў медыцынскіх устаноў, якія чакаюць сваёй чаргі на прыём, — распаўсюджаная сусветная практыка. А праект «Чытай са мной па-беларуску» дазваляе правесці гэты час з карысцю.
— На жаль, у нашых сем’ях не вельмі часта пачуеш у абыходзе беларускую, родную мову, таму нейкія словы яны нават чуюць, вывучаюць упершыню. Нашымі героямі з’яўляюцца большай часткай маленькія пацыенты, таму мы з імі размалёўваем, нешта лепім, рыхтуем падарункі для бацькоў… — распавяла Таццяна Варанец.
Мерапрыемствы заўсёды праходзяць у фае на другім паверсе, паблізу — кабінеты спецыялістаў, не звязаных з інфекцыйнымі захворваннямі. На першую сустрэчу ў новым годзе наваполацкія бібліятэкары падрыхтавалі для дзетак зімовыя забавы. Тут рабілі снегавікоў, чыталі вершы, разгадвалі загадкі — словам, рабілі ўсё для таго, каб захапіць юных пацыентаў паліклінікі.
Наваполацкая дзіцячая бібліятэка імя Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна знаходзіцца побач з дзіцячай паліклінікай. Яе супрацоўнікі адзначаюць, што многія дзеткі, якія прынялі ўдзел у акцыі «Чытай са мной па-беларуску», пасля прыходзяць у бібліятэку і становяцца актыўнымі чытачамі.
Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Сяргея ЗАЛЫНСКАГА.