Уладзімір Арлоў прэзентуе ў Полацку «Танцы над горадам»

10 студзеня а 16-й гадзіне ў Музеі беларускага кнігадрукавання адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Уладзіміра Арлова «Танцы над горадам».

Змест кнігі складаюць тры містычныя аповесці. Героі аповесці «Танцы над горадам», што дала назву кнізе, — самнамбулы. Удзень яны незнаёмыя паміж сабой, а ўначы ўтвараюць сваё таемнае брацтва.

Акрамя таго, на сустрэчы Уладзімір Аляксеевіч пазнаёміць прысутных са сваім пяцікніжжам — зборам прозы і паэзіі, куды ўвайшлі выбраныя эсэ, раманы, апавяданні, вершы.

Калі ж хто яшчэ не мае ў сваёй бібліятэцы кнігу «Айчына. Маляўнічая гісторыя» з цудоўнымі ілюстрацыямі Паўла Татарнікава, зможа яшчэ набыць яе і атрымаць аўтограф аўтара.

Імпрэза адбудзецца ў Музеі беларускага кнігадрукавання Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка (Полацк, вул.Ніжне-Пакроўская, 22).