У Гаранах прайшлі «Агледзіны нявест»

«Агледзіны нявест» зладзілі на Полаччыне. У аграгарадку Гараны 17 снежня адбылася этна-вечарына, якая завяршыла праект «Полацк — моладзевая сталіца Рэспублікі Беларусь».

— Спачатку мы думалі, што гэта ўсё будзе трохі больш сціпла, у хаце. Прыедзе пара-тройка каманд… А з цягам часу пабачылі, што шмат каманд збіраецца, пачалі перарабляць сцэнарый, і атрымаўся такі маштабны праект у нас! — распавёў старшыня Гаранскага сельсавета Мікалай Карасёў.

У агледзінах прынялі ўдзел каманды 13 сельсаветаў Полаччыны. Кожная каманда складалася з 4 чалавек: незамужняй дзяўчыны, нежанатага хлопца, свацці і музыкі. Нявесты прывезлі з сабой куфар з пасагам і пачастунак для суджанага, каб прадэманстраваць свае здольнасці ў кулінарыі і рукадзеллі. Мікалай Карасёў зазначыў:

— Як свацця прадставіць сваю нявесту, так і будзе выглядаць уся каманда!

Не абышлося і без іспытаў для саміх дзеўчын. Ім трэба было адказаць на каверзныя пытанні ад будучай свякроўкі, прайсці выпрабаванне на беражлівасць, сабраўшы як мага больш манет. Выпрабаванні чакалі і хлопцаў.

— І на лоўкасць конкурс быў, і на спрытнасць, — распавёў Мікалай Карасёў. — Каб мог і сякеру трымаць, і малаток, і каб язык быў падвешаны хоць крыху!

Удзельнікі ансамблю «Фярцінка» з Багатырскага правялі майстар-клас па народных танцах. Пакуль журы падводзіла вынікі, на імпрэзе выступіў ансамбль народнай песні «Заманіха» Полацкага раённага цэнтра культуры. А самай завіднай нявестай зямлі Полацкай стала дзяўчына з Малога Сітна.

Ігар ПАЛЫНСКІ.