Ва Ушачах пройдзе абласное свята-конкурс вясельных абрадаў Вiцебшчыны «Вялiкая вясельнiца-2017»

Заўтра, 21 кастрычніка 2017 года, у г.п. Ушачы адбудзецца абласное свята-конкурс вясельных абрадаў Вiцебшчыны «Вялiкая вясельнiца-2017».

Мэта – адраджэнне і далейшае развіццё традыцыйных вясельных абрадаў як састаўной часткі традыцыйнай культуры, а таксама ўкаранення аўтэнтычных абрадаў вяселля Віцебшчыны ў сучасную абрадавую практыку, паведамляе прэс-служба Віцебскага аблвыканкама.

У свяце-конкурсе прымаюць удзел фальклорныя калектывы вобласці, асобныя выканаўцы, творчыя калектывы, клубы нацыянальнай кухні, фальклору і гульні, супрацоўнікі Дамоў (Цэнтраў) рамёстваў Віцебскай вобласці.

Свята пачнецца ў 10:30 і працягнецца да 18:00.

Праграма свята-конкурсу ў гэтым годзе прадугледжвае:

  • рэканструкцыю вясельнага абрада пач. ХХ ст. (на матэрыялах Ушацкага, Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага раёнаў);
  • творчую конкурсную праграму калектываў і асобных выканаўцаў Віцебскай вобласці;
  • прэзентацыю абрадавых страў і «вясельных куткоў».

Дадзенае свята-конкурс заклікана паказаць і зберагчы самыя цікавыя, забытыя самабытныя элементы вясельнага абрада.

Конкурсная праграма ўдзельнікаў будзе праходзіць на канцэртнай сцэне ДУК «Ушацкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці». Пры ацэнцы выступленняў будзе ўлічвацца выкарыстанне ў рэпертуары аўтэнтычнага рэгіянальнага матэрыялу, ужыванне традыцыйных касцюмаў, музычных інструментаў і адпаведнага рэквізіту, а таксама захаванасць мясцовага дыялекту.

Акрамя конкурсу вясельных звычаяў і праслухоўвання вясельных спеваў ў межах свята адбудзецца конкурс на лепшае афармленне і прэзентацыю «вясельнага кутка». Кожны раён афармляе свой куток з дапамогай вясельных рэчаў, рукадзелля, традыцыйных вясельных убранняў, элементаў вясельнай вопраткі і інш. і прадстаўляе 1-2 адметныя абрадавыя стравы, прымеркаваныя для пэўнага вясельнага этапу (сватанне, заручыны, дзявочы вечар, вясельнае застолле, перазовы і інш.).

Дадзены конкурс будзе праводзіцца ў фае ДУК «Ушацкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці».