Выданні полацкіх езуітаў на радзіме: у Полацку адкрылася ўнікальная выстава — Саммит+ТВ | Новости Полоцка и Новополоцка

Выданні полацкіх езуітаў на радзіме: у Полацку адкрылася ўнікальная выстава

У навуковай бібліятэцы Полацкага дзяржуніверсітэта адкрылася выстава рарытэтных друкаваных выданняў XVIII-XIX стагоддзяў з калекцыі полацкіх езуітаў, прадстаўленай Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

— Мы захацелі паказаць выданні, якія друкаваліся ў Полацкай езуіцкай друкарні. Таму што яны вельмі цікавыя, унікальныя выданні, — распавяла загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармавання карыстальнікаў навуковай бібліятэкі ПДУ Ірына Шупенька.

Пры адборы былі ўзятыя 10 выданняў. Гэта падручнікі, філасофская літаратура, слоўнікі, каляндар. Усе выданні друкаваліся ў друкарні Полацкага калегіума ў канцы XVIII-пачатку XIX стагоддзяў. Характэрна, што кнігі выдадзены ў невялікім фармаце, для таго каб іх зручна было насіць у кішэні.

— Для таго, каб паказаць нашым студэнтам, выкладчыкам, супрацоўнікам тыя кнігі, якія выдаваліся менавіта ў езуіцкай друкарні многа гадоў назад, мы ўзялі найбольш характэрныя. Сярод іх магу назваць некалькі, напрыклад, адным з самых распаўсюджаных падручнікаў у езуітаў была граматыка Альвары. Эмануэль Альвары — партугальскі філосаф, папулярны вельмі ў той час. Многа разоў перавыдавалася ў Полацку гэтая граматыка, больш 15 разоў, як называюць даследчыкі, перавыдаваўся ў віленскіх езуітаў. Але такая цікавая гісторыя, што праз пэўны час ужо філолагі, даследчыкі раскрытыкавалі гэтую граматыку. Часы мяняюцца, мяняюцца і патрабаванні да кніг, да вывучэння таго альбо іншага прадмета, — распавяла Ірына Шупенька.

Выстава працягнецца да 24 мая ўключна.

Любоў САЎКО.
Відэа Сяргея ЗАЛЫНСКАГА.