«Саммит+ТВ»

У Наваполацку зладзілі выставу, прысвечаную Навуму Гальпяровічу

У рамках Года малой Радзімы ў Палацы дзяцей і моладзі Наваполацка прайшло адкрыццё выставы, на якой былі прадстаўлены дзіцячыя малюнкі, прысвечаныя творчай дзейнасці Навума Гальпяровіча.

На мерапрыемстве сабраліся прыхільнікі творчасці вядомага паэта, наваполацкія школьнікі.

— Сённяшняя падзея выклікае таксама вельмі шчымлівыя пачуцці. Юныя мастакі дакрануліся да маёй творчасці. Гэта заўсёды адказна, гэта заўсёды прыемна, — адзначыў Навум Гальпяровіч.

— У сваіх малюнках паспрабавалі перадаць усё тое пачуццё малой Радзімы, якое адчуваецца ў вершах нашага земляка, паэта Навума Гальпяровіча, — распавяла кіраўнік гуртка «Вяселка» Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка Таццяна Антановіч.

Са сцэны гучалі вершы аўтара ў выкананні юных навапалачан. У канцы сустрэчы юным удзельнікам выставы падарылі кнігі, падпісаныя аўтарам — зборнік вершаў «Сюжэт для вечнасці», а таксама кнігу Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі».

— Я хочу поблагодарить вас за ваше творчество, за неиссякаемую энергию, за позитив, который вы дарите в своих работах нам, — сказала на імпрэзе дырэктар Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка Наталля Серакова.

Дэбют ураджэнца Полацка Навума Гальпяровіча як паэта адбыўся ў 1967 годзе з публікацый вершаў у газеце «Хімік». З 1977 года праца і творчасць Навума Гальпяровіча была звязаная з Наваполацкам — менавіта тут ён адбыўся як журналіст і паэт. Сёння ён узначальвае замежнае вяшчанне Беларускага радыё.

Любоў САЎКО.
Відэа Сяргея ЗАЛЫНСКАГА.


Не пропускайте главные новости региона! Подписывайтесь на наш Telegram-канал!