«Саммит+ТВ»

У Музеі кнігадрукавання выставай адзначылі 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі

100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі — важная дата для нашай краіны. Дзяржава, якая была абвешчана 25 сакавіка 1918 года, стала штуршком да аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. 

Без БНР не было б асобнай беларускай рэспублікі ў складзе Савецкага Саюза, адпаведна — і сённяшняй незалежнай Беларусі.

У Музеі беларускага кнігадрукавання распачала працу выстава, прысвечаная 100-годдзю абвяшчэння БНР.

— У пачатку XX стагоддзя ў вельмі няпростых умовах — недарма наша выстава называецца «Краіна, падзеленая фронтам». Таму што, па сутнасці, паміж дзвюма акупацыямі была абвешчаная гэтая краіна. Ну і зразумела, што хаця Беларуская Народная Рэспубліка ў тым выглядзе, у якім яна была, пратрымалася надоўга, але без яе не было б БССР… — распавяла вядучы навуковы супрацоўнік Музея беларускага кнігадрукавання Вера Ашуева.

На выставе — болей за 50 прадметаў. Тут прадстаўленыя выданні розных гадоў, якія асвятляюць гісторыю стварэння БНР. Прадметы, паказаныя на выставе, нагадваюць пра падзеі і лёсы, звязаныя з першай спробай стварэння беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ў 1918 годзе, пра дзейнасць Рады БНР у эміграцыі, а таксама распавядаюць аб гістарыяграфіі пытання.

— Зразумела, што арыгінальных прадметаў 1918 года ў нас не захавалася. Таму мы пастараліся паказаць гэтую падзею праз ужо адносна сучасныя выданні альбо праз копіі. Напрыклад, такія прадметы, як тры Устаўныя граматы, якія абвяшчалі Беларускую Народную Рэспубліку, у нас паказаныя ў выглядзе копій, — распавяла Вера Ашуева.

На выставе экспануюцца перыядычныя выданні і даследаванні беларусаў замежжа на тэму Беларускай Народнай Рэспублікі. Шмат матэрыялаў было выдадзена ў 90-я гады мінулага стагоддзя — пасля таго, як Беларусь стала сапраўды незалежнай краінай. На выхадных яшчэ можна пазнаёміцца з выставай «Краіна, падзеленая фронтам», якая працуе ў Музеі беларускага кнігадрукавання да 15 красавіка.

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Аляксандра МАЦЮШЭНКІ.


Не пропускайте главные новости региона! Подписывайтесь на наш Telegram-канал!