«Саммит+ТВ»

У Экалагічным музеі распачалася фотавыстава Віктара Палякова «Дзівосная планета»

Ці шмат мы ведаем пра нашу планету Зямлю? Нягледзячы на тое, што ў сусвеце планет — незлічоная колькасць, Зямля, якой чалавецтва абавязанае сваім існаваннем, унікальная. 

У Прыродна-экалагічным музеі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка распачала працу фотавыстава Віктара Палякова «Дзівосная планета».

— Нічога я не рыхтаваў, рыхтавалі мае бацькі, — прызнаўся Віктар Палякоў. Яны дамаўляліся з музеем, падбіралі час… Здаецца, была свабодная зала, таму і паставілі зараз.

Віктар Палякоў прызнаецца, што менавіта бацькі — людзі інтэлігентныя — выхавалі яго ў павазе да культуры. Ураджэнец Полаччыны, зараз малады айцішнік жыве і працуе ў Маскве, у вольны час шмат вандруе і вядзе блог. На выставе — каля двух дзясяткаў здымкаў. Яны былі зробленыя ў розныя часы ў розных кутках нашай планеты — у асноўным гэта прырода Паўднёвай Амерыкі. Любоў да падарожжаў, кажа Віктар Палякоў, — таксама ад бацькоў:

— У маладосці яны былі падарожнікамі, турыстамі, таму ім гэта вельмі цікава і яны хочуць падзяліцца маімі здымкамі з іншымі людзьмі, бо лічаць, што гэта цікава будзе паглядзець і іншым людзям.

На адкрыцці выставы аўтар распавёў пра свае падарожжы, месцы, дзе былі зроблены тыя ці іншыя здымкі. Любімыя сюжэты Віктара Палякова — гарады і прырода, часам ён робіць і рэпартажныя здымкі. Выстава «Дзівосная планета» — трэцяя прэзентацыя яго фатаграфій. Дзве выставы прайшлі ў Наваполацку — у Ліцэі, дзе ён навучаўся, і ў выставачнай зале Музея гісторыі і культуры. Цяперашняя экспазіцыя будзе працаваць у Экалагічным музеі да 15 красавіка.

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Аляксандра МАЦЮШЭНКІ.


Не пропускайте главные новости региона! Подписывайтесь на наш Telegram-канал!