«Саммит+ТВ»

Навапалачане сустрэліся з Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным

Статус Культурнай сталіцы-2018 Наваполацк падтрымлівае супольнымі намаганнямі. У боку не засталася і адна з самых «культурных» устаноў Нафтаграду — Цэнтральная бібліятэчная сістэма. Днямі навапалачане — аматары беларускай літаратуры сустрэліся з паэтамі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным.

Сустрэчы, прымеркаваная да Сусветнага дня паэзіі, прайшлі адразу ў дзвюх бібліятэках: з дарослымі чытачамі — у цэнтральнай, а з юнымі — у дзіцячай. Менавіта ў бібліятэку імя Маршака завітала наша здымачная група.

— У Наваполацку выступаем не першы раз. Тут заўсёды прыемна бываць! Тут жывуць таленавітыя людзі, тыя людзі, якія любяць літаратуру, якія любяць паэзію, тут жывуць сапраўдныя аматары паэтычнага слова… — адзначыў Леанід Дранько-Майсюк. — Так што тут жывуць нашы творчыя сябры, якія сваёй прысутнасцю, сваёй увагай да літаратуры, да беларускага мастацтва заўсёды нам ствараюць добры настрой.

Знакаміты беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч называў Леаніда Дранько-Майсюка «паэтам з рысамі рыцара». Спадар Леанід чытаў вершы, распавядаў цікавыя гісторыі з уласнага жыцця і, зрэшты, абсалютна захапіў увагу дзесяцікласнікаў, якія прыйшлі на імпрэзу. Была ў гасцей і пэўная місія — яны прэзентавалі новы нумар часопіса «Верасень». Пра выданне распавёў яго галоўны рэдактар, паэт і бард Эдуард Акулін:

— Часопіс «Верасень» — гэта выданне, якое заснавала Таварыства беларускай мовы ў 2009 годзе. Гэта выданне для маладых аўтараў, але ў канцэпцыі часопіса закладзена тое, што побач з маладымі павінны друкавацца і сталыя майстры слова — для таго, каб у маладых было такое імкненне браць урокі творчага майстэрства.

Часопіс выходзіць двойчы на год. Спадар Эдуард запрасіў наваполацкіх школьнікаў да актыўнай супрацы. Ён падкрэсліў, што рэдакцыя часопіса «Верасень» заўсёды гатовая падтрымліваць таленавітых маладых паэтаў і празаікаў. Па ўжо існай на падобных сустрэчах традыцыі Эдуард Акулін заспяваў пад гітару колькі ўласных песень.

Падчас сустрэчы паэты неаднаразова падкрэслівалі, што беларуская мова павінна гучаць з вуснаў маладых. Яны прапаноўвалі разам чытаць вершы і з захапленнем адзначалі, што наваполацкія школьнікі не маюць з беларускай мовай аніякіх цяжкасцей. А значыць, будучыня Беларусі — у надзейных руках.

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Аляксандра МАЦЮШЭНКІ.


Не пропускайте главные новости региона! Подписывайтесь на наш Telegram-канал!