«Саммит+ТВ»

У Полацку адкрылася выстава фотаздымкаў Беларусі часоў Першай сусветнай вайны

Сёлета спаўняецца 100 гадоў з моманту акупацыі Полацка нямецкім войскам падчас Першай сусветнай вайны. У Краязнаўчым музеі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка распачала працу выстава, якая нагадвае пра трагічныя падзеі векавой даўніны.

— З Мінска мы прывезлі выставу, якая называецца «Беларусь у Першай сусветнай вайне». Гэта выстава фотаздымкаў, якія збіраліся ў розных музеях нашай краіны — у Мінску, у Гродна, у Лідзе, у Слоніме. Таксама гэта фотаздымкі з асабістых, прыватных калекцый, — распавяла загадчыца Краязнаўчага музея Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ірына Воднева.

Большасць здымкаў зроблена падчас Першай сусветнай, аднак ёсць і раздзел, які распавядае пра жыццё нашай краіны напярэдадні вайны. Выстава падрыхтаваная Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусі і актыўна вандруе як па краіне, так і за яе межамі. У Полацку ж да экспазіцыі зладзілі адмысловую прэзентацыю з фотаздымкамі, якія прадстаўляюць жыццё менавіта нашага горада ў той няпросты час. У лютым 1918 года Полацк заняла кайзераўская армія, пад акупацыяй горад знаходзіўся да лістапада.

— Нямецкія фатографы, якія ўваходзілі ў склад арміі, — яны здымалі як мірнае жыццё, так і нейкія падзеі, дзе на фотаздымках галоўнымі былі нямецкія афіцэры і салдаты. Таму сёння той, хто прыйдзе на гэтую выставу, можа паглядзець з цікавасцю, якім быў наш Полацк роўна сто гадоў таму, — адзначыла Ірына Пятроўна.

На выставе прадстаўлена каля 70 здымкаў Беларусі і два дзясяткі — Полацка. Экспазіцыя будзе працаваць у нашым горадзе досыць кароткі час — да 28 лютага. Кошт білета — усяго 1 рубель, для ўсіх ахвотных Краязнаўчы музей праводзіць бясплатныя экскурсіі-кансультацыі, дзе музейныя работнікі распавядаюць пра падзеі ў Беларусі і ў Полацку падчас Першай сусветнай вайны.

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Аляксандра МАЦЮШЭНКІ.


Не пропускайте главные новости региона! Подписывайтесь на наш Telegram-канал!