Навум Гальпяровіч прэзентаваў у Полацку «Час лістападу»

Беларускі паэт і журналіст Навум Гальпяровіч завітаў у Полацк, на малую радзіму. Сустрэча з Навумам Якаўлевічам адбылася 6 лютага ў Музеі беларускага кнігадрукавання.

Імпрэза была прымеркаваная да выдання новай кнігі «Час лістападу», якая выйшла ў выдавецтве «Чатыры чвэрці».

— Гэта выбраныя вершы, якія напісаныя ў самыя розныя гады. Частка з іх напісаная нават у Полацку, калі я тут жыў, частка новых вершаў. У гэтую кнігу я пастараўся сабраць вершы, якія пэўным сэнсам вырашаюць шлях — шлях мой жыццёвы, шлях у літаратуры, шлях паэтычны. Яна невялікая па аб’ёму, але яна вельмі насычаная тымі знакавымі вершамі — знакавымі для мяне, у першую чаргу, — распавёў Навум Гальпяровіч.

У кнігу ўвайшло каля 40 вершаў, а таксама паэма. Роздум пра жыццё, словы пра родны горад, думкі і пачуцці — так апісвае аўтар творы, што трапілі ў «Час лістападу». Кніга выйшла да юбілею Навума Гальпяровіча — у студзені Ганароваму грамадзяніну Полацка споўнілася 70 год. Навум Якаўлевіч — сапраўдны патрыёт роднага горада. Галоўны дырэктар замежнага вяшчання Беларускага радыё, ён імкнецца распавядаць пра Полацк і Беларусь на ўвесь свет.

— Мне вельмі прыемна, што адна з першых прэзентацый гэтай кнігі якраз будзе адбывацца тут, у гэтых сценах, — прызнаўся Навум Гальпяровіч. — Я памятаю, калі прэзентаваў тут сваю кнігу «Востраў душы» — гэта было больш за 20 гадоў таму. І, канешне, магчыма, гэтыя сцены таксама дапамагалі шукаць новыя тэмы, дапамагалі адчуваць тое пачуццё прыналежнасці, і тое пачуццё, што грэе кожнага чалавека. Як я гавару: падслуханы шэпт нябёсаў, які выліўся ў тыя значкі, тыя радкі, якія ёсць у гэтай кнізе.

На імпрэзе Навума Якаўлевіча віталі сябры і знаёмыя, прыхільнікі яго творчасці. Паэт дзяліўся ўспамінамі пра сваё дзяцінства і юнацтва ў родным горадзе, распавядаў пра вытокі сваёй журналісцкай дзейнасці. Вядома, чытаў паэт і ўласныя вершы.

Асобна Навум Якаўлевіч адзначае вокладку новай кнігі. Гэта рэпрадукцыя карціны полацкага мастака Сяргея Цімохава, які заўчасна пайшоў з жыцця. У Навума Гальпяровіча наперадзе — яшчэ адно выданне: новая кніга прозы пад назвай «На скрыжаванні сноў». Аўтар прызнаецца, што гэта будзе вельмі полацкая кніга. Ведаючы адданасць Навума Гальпяровіча роднаму Полацку, сумнявацца ў гэтым не даводзіцца.

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Аляксандра МАЦЮШЭНКІ.