«Саммит+ТВ»

«Полацкі зьвяз» адсвяткаваў 15-годдзе

Народны тэатр гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз» адсвяткаваў 15-годдзе. У Полацкім гарадскім палацы культуры да юбілею адбылася прэм’ера пластычнага спектаклю «Понеже от прирожения».

«Полацкі зьвяз» створаны сябрамі клуба «Жалезны воўк» і тэатра «Крэда» ў 2002 годзе. Пачыналі з невялікіх пастановак, турніраў, выстаў зброі і даспехаў. Узровень рос з кожным годам, мяняўся і сам характар пастановак. Тэатр шматразова ўдзельнічаў у рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах.

Над спектаклем «Понеже от прирожения» працаваў увесь калектыў «Звязу». За аснову былі ўзятыя крыніцы і навуковыя працы беларускіх і замежных даследчыкаў творчасці і жыцця Францыска Скарыны. Калектыў прадставіў сваю, рамантычную версію падзей з жыцця першадрукара. Канчатковы сцэнарый склаўся дзякуючы рэжысёру тэатра Яўгеніі Кавалёвай.

Сваім спектаклем «зьвязаўцы» выказваюць падзяку Францыску Скарыне — для свайго часу і краіны чалавеку будучыні. «Скарына для нас — чалавек, які, нягледзячы на ўмовы часу, не пабаяўся зрабіць рэчаіснасцю сваю мару», — кажуць удзельнікі тэатра.

На юбілеі «Полацкага зьвязу» сустрэліся не толькі палачане, але і жыхары розных куткоў Беларусі і нават іншых краін.

Удзельнікі «Полацкага зьвязу» заўсёды імкнуцца прыносіць нешта новае, цікавае, своеасаблівае. У калектыве кожны можа раскрыць свае таленты і магчымасці. Нават тое, што здаецца недасягальным, праз некаторы час становіцца выкананай задачай.

Тэатр з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам значнай колькасці разнастайных імпрэз, самай вядомай з якіх з’яўляецца Фэст сярэднявечнай культуры «Рубон».

«Полацкі зьвяз» шчыра ўдзячны сваім гледачам за шматгадовую падтрымку.

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Сяргея ЗАЛЫНСКАГА.


Не пропускайте главные новости региона! Подписывайтесь на наш Telegram-канал!